21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
17 лiстапада 1999 года на Генеральнай канферэнцыi ЮНЕСКА быў аб’яўлены Міжнародны дзень роднай мовы, абраны ў памяць аб загiнуўшых студэнтах, якiя змагалiся ў далёкiм для нас 21 лютага 1952 годзе за наданне мове бенгалi статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакiстане (цяпер Бангладэш). Міжнародны днень роднай мовы ўпершыню святкаваўся ў 2000 годзе ва ўсiм свеце.
Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання. У Беларусi для большасці з нас роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Невыпадкова, што ЮНЕСКА абвясцiў беларускую мову самай мiлагучнай пасля iтальянскай.
«Пачувайся беларусам» – пад такім слоганам ва ўніверсітэце, у чытальнай зале тэхнічнай літаратуры навучальнага корпуса № 2, 21 лютага адбылася сустрэча студэнцкай моладзi з гомельскiмi паэтамi, вядомымi ўсёй Беларусi, i пачынаючымi паэтамi, членамi школы «Маладога лiтаратара» пры Славянскай бiблiятэцы (кiраўнiк, паэтка Нiна Шклярава).
Там з цікавымі жыццёвымі гісторыямі, цытатамі сваіх твораў, вершаў выступілі госці свята Тамара Кручэнка і Галiна Рагавая. Здавалася, быццам само паветра было прасякнутае станоўчай энергетыкай, якую выпраменьвалі майстры мастацкага слова.
Больш 20 гадоў Тамара Кручэнка працуе ў газеце «Гомельская праўда», якой праз 29 дзён зпоўнiцца 100 год. Паэт. Журналiст. Публiцыст. Пiша на беларускай i рускай мовах. Лаурэат мiжнародных i абласных лiтаратурных конкурсаў, член савета Гомельскага абласнога аддзялення «Саюз пiсьменнiкаў Беларусi».
Паэтка Рагавая Галiна Аляксандраўна пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта працавала настаўнiцай у в. Карынёўка Гомельскага раёна. Яна прачытала свае вершы пра родны край, мясцiны, дзе нарадзiлася, чаму пiша па-беларуску.
Пачынаючыя паэты : Ганна Палякова, Аляксей Марусаў, вядучы лiтаратурнага салона «31-ы мерыдыан», - выказалi ўдзячнасць лёсу, што на iх шляху сустрэлася паэтка Нiна Шклярава, якая аказала значны ўплыў на станаўленне iх творчасцi. Янs падзялiлiся сваiмi планамi, прачыталi вершы.
Загадчык кафедры «Прамысловая электронiка» Юрый Вiктаравiч Крышнёў прадставiў презентацыю «Дзень роднай мовы» i правёў тематычную вiктарыну. Трэба адзначыць, што ён заўсёды выкладае студэнтам на беларускай мове, карыстаецца ёю ў жыцці і прафесійнай дзейнасці.
На тэматычнай кніжнай выставе «У родным слове – целы свет» была прадэмастравана падборка твораў знакамітых беларускіх паэтаў i літаратараў.
Таксама была падрыхтавана прэзентацыя «Мы – беларусы», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, больш размаўляць па-беларуску, бо нашы бацькi, дзяды i прадзеды нямала зрабiлi, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод iншых моў свету.
Святлана Качур
Фота Антона Iванова
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter