В ГГТУ имени П.О.Сухого прошло мероприятие, посвященное 135-летию со дня рождения Янки Купалы и Якуба Коласа
“І кожны, прамовіўшы – Колас Якуб,
Адразу ж прыпомніць: Янка Купала”
(Т. Масэнка)
У кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. У нас, беларусаў, - гэта Янка Купала і Якуб Колас.Гэты імёны, вядомыя нам з дзяцінства. Велічныя постаці вялікіх песняроў суправаджаюць кожнага свядомага беларуса ўсе жыцце. І толькі з цягам часу разумееш, што іх творы – не толькі наш нацыянальны здабытак. Галоўная мэта беларускіх класікаў – праз глыбокае вобразнае спасціжэнне нацыянальнага быцця, нацыянальнага характару беларуса, праз праўдзівае адлюстраванне беларускай рэчаіснасці ў яе разнастайных праявах вывесці нацыянальнае пісьменства на якасна новыя вышыні, паставіць беларускую літаратуру побач з іншымі літаратурамі свету. Яны данеслі каларыт беларускай ментальнасці, унікальныя нацыянальныя вобразы да жыхароў многіх краін свету.
27 кастрычніка студэнты груп МР-11 і МГ-21 падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Ён Коласам сябе назваў”, прысвечаную 135-годдзю з дня нараджэння вялікіх майстроў паэтычнага слова – Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У прэзентацыі вядучыя вечарыны расказалі пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа – паэта, празаіка, драматурга, крытыка, дзіцячага пісьменніка, які заклаў аснову беларускага рамана. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылю аповесцей. Якуб Колас быў бы вялікім паэтам, калі б стварыў толькі адну “Новую зямлю”, якую называюць энцыклапедыяй сялянскага жыцця.
Студэнты чыталі вершы Якуба Коласа, урыўкі з паэмы “Новая зямля”, з трылогіі “На ростанях”. Гучалі вершы Якуба Коласа, пакладзеныя на музыку беларускіх кампазітараў.
Была падрыхтавана выстава па творчасці Я. Коласа і Я. Купалы. Былі паказаны відэафільмы “Шляхам Якуба Коласа” і “Памяці героя-партызана” пра Васіля Ісакавіча Талаша, чалавека-легенду.
Імкліва бягуць гады…але б колькі часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці нашай Янка Купала і Якуб Колас – выдатныя пісьменнікі, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру. Любіце і шануйце родную мову і Бацькаўшчыну.
С.А. КАЧУР
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter