Лiтаратурны квэст «Любi, шануй, ведай сваё, беларускае» да 135-годдзя Янкi Купалы i Якуба Коласа ў ГДТУ імя П.В.Сухога
У 2017 годзе адзначаецца 135-гадовы юбілей вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З гэтай нагоды бiблiятэка правяла нестандартнае мерапрыемства - лiтаратурны квэст «Любi, шануй, ведай сваё, беларускае», у якiм прымалi ўдзел групы IТ-21 i ЭП-11. Поўнаму раскрыццю вобразаў паэтаў i стварэнню беларускага нацыянальнага антуражу спрыяла адпаведнае афармленне памяшканняў бiблiятэкi: кніжная выстава i мультымедыйная прэзентацыя ў агульнай чытальнай зале «I Колас нас клiкаў, i клiкаў Купала», рушнiкi i рэчы беларускага побыту ў аддзелах бiблiятэкi, фоташпалеры на манiторах i, канешне, нацыянальная вопратка вядучых.
Дзве каманды «Каласок» і «Купалле» выконвалi розныя творчыя заданнi па беларускай лiтаратуры i мове, а таксама падчас гульні падрабязней знаёміліся з аддзеламi бiблiятэкi.
Каб зарабiць свае першыя балы, камандам давялося прайсцi слоўнiкавую гульню ў чытальнай зале перыядычных выданняў. Перакласцi рускiя словы на беларускую мову было не зусiм лёгка. Але каманды з гэтым заданнем справiлiся паспяхова.
На абанеменце студэнтам давялося знайсцi ў фондзе аддзела кнiгу i метадычнае ўказанне, а таксама правiльна адказаць на пытаннi, каб зарабiць найбольшую колькасць балаў на гэтай кропцы.
А ў аддзеле камплектавання i апрацоўкi дакументаў удзельнiкi адчулі сябе меламанамi i з захапленнем адгадвалi вершы беларускiх класiкаў, на якiя была пакладзена музыка.
Не прымусiў сумаваць i абанемент мастацкай лiтаратуры, дзе студэнты прадэманстравалi не толькi хуткi пошук патрэбных твораў у кнiгах, але i згуртаванасць каманды.
Праверыць сябе на веды са школьнай праграмы па беларускай лiтаратуры можна было ў электроннай чытальнай зале, дзе студэнты з зацiкаўленасцю прынялi ўдзел у iнтэрактыўнай iнтэрнэт-гульні.
У аддзеле даведачна-бiблiяграфiчнай i iнфармацыйнай работы каманды чакаў конкурс «Азбука твораў». Каб папрацаваць у фондзе аддзела i знайсцi неабходныя даведачныя выданнi, запiсаць у таблiцу назвы твораў беларускiх аўтараў на пэўную лiтару, давялося прыкласці шмат намаганняў. Але i з гэтым заданнем удзельнiкi справiлiся добра!
Апошняй кропкай квэсту стала агульная чытальная зала, дзе чакаў конкурс «Лiтаратурная мазайка». Заданне суаднесцi творы Я. Купалы i Я. Коласа не выклiкала нiякай цяжкасцi. Усе выдатна справiлiся з апошнiм конкурсам.
На кажнай кропцы квэсту за паспяховае выкананне заданняў каманды атрымлiвалi кавалачак пазлу, якi напрыканцы гульнi склаўся ў знакамiтыя i знаёмыя кожнаму беларусу з дзяцiнства радкi.
Удзельнікі прадэманстравалi добрыя веды, актыўнасць, уменне працаваць у калектыве. Пераможцай лiтаратурнага квэсту стала каманда «Купалле» гр. ЭП-11.
З дэбютам у лiтаратурным квэсце, а таксама з перамогай, каманды павiншаваў прарэктар па вучэбнай i выхаваўчай рабоце Вiктар Васiльевiч Кiрыенка i дырэктар бiблiятэкi Валянцiна Iльiнiчна Дзiрко. За ўдзел у конкурсе студэнты атрымалi салодкiя прызы, беларускамоўныя паштоўкi i нататнiкi з сiмволiкай бiблiятэкi ГГТУ імя П.В. Сухога.
Мы хацелi, каб нашым чытачам-удзельнiкам квэсту было цiкава, пазнавальна i незвычайна. Спадзяемся, што гэта атрымалася.
Вялiкi дзякуй выкладчыкам кафедры «Беларуская i замежныя мовы» Людмiле Уладзiмiраўне Кулiк i Марыне Уладзiмiраўне Бураковай, нашым чытачам-удзельнiкам за добразычлiвую i святочную атмасферу, калегам за падрыхтоўку i дапамогу ў арганiзацыйных i афармленчых пытаннях.
Ганарыцеся сваёй Радзiмай, паважайце i шануйце сваю мову i тых людзей, якiя ўнеслi вялiкi ўклад у развiццё нашай лiтаратурнай спадчыны!
Чакаем вас у бібліятэцы!
Вядучыя на кропках:
Маргарыта Федарэнка
Галiна Качко
Ала Лупiненка
Аксана Рудзянок
Вольга Сотнiкава
Юлiя Кiнчына
Ларыса Жосткiна
Кацярына Мядзведзева
Фотаздымкi Вiкторыi Загаруевай, Святланы Вяргун
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter