У ГДТУ імя П.В. Сухога адбылася сустрэча студэнцкай моладзі з вядомымі літаратамі Гомельшчыны «Як ты дорага мне, мая родная мова!»
Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусiм не вузкi.
Ды калi ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янiшчыц
У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Ужо амаль дваццаць гадоў гэта свята, заснаванае ЮНЕСКА, праводзiцца з мэтай абароны моўнай i культурнай разнастайнасцi. Больш за шэсць тысяч моў налiчваецца ў нашым рознакаляровым i рознагаловым свеце. Палова з iх пад пагрозай знiкнення. Менавiта дзеля iх захавання ЮНЕСКА i абвясцiла Дзень роднай мовы, каб хоць аднойчы на iх загаварылi, пра iх успомнiлi. Беларуская мова лiчыцца самай мiлагучнай пасля iтальянскай, самай старажытнай сярод славянскiх i адной з самых багатых у свеце. Прычым, калi ў лiтаратурнай мове налiчваецца 250-500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – каля двух мiльёнаў! Паводле «Лексiчнага атласа беларускiх народных гаворак», на кожнае слова ў нас можа прыходзiцца да дзесятка варыянтаў.
У гэты дзень у чытальнай зале бібліятэкі пад слоганам «Пачувайся беларусам» адбылася сустрэча студэнцкай моладзі з вядомымі літаратамі Гомельшчыны «Як ты дорага мне, мая родная мова!».
У час сустрэчы госці свята: Ева Дударга, празаік, публіцыст, лаўрэат III абласнога літаратурнага конкурса імя К. Тураўскага, член грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Беларускага саюза журналістаў, кіраўнік Гомельскага літаратурнага аб'яднання «Пралеска»; Наталья Нікітіна, вядучы бібліятэкар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі, паэт, публіцыст, член Гомельскага літаратурнага аб'яднання «Пралеска», публікуецца ў часопісах «Дняпровец» і «Планета семья» - распавядалі пра нашу Радзіму- цудоўную, сінявокую Беларусь, пра родную, матчыну мову, пра цікавыя жыцёвыя гісторыі, чыталі ўрыўкі са сваіх празаічных твораў, вершаў.Ева Дударга як фотамастак прадставіла фотаздымкі «Краявіды роднага краю».
Была падрыхтавана тэматычная кніжная выстава «У родным слове – целы свет», дзе студэнты пазнаёміліся з творамі знакамітых беларускіх паэтаў, празаікаў. У час сустрэчы дэманстравалася прэзентацыя «Мы – беларусы». Студэнты актыўна прымалі ўдзел у політэхнічнай экспрэс-віктарыне «Сакрэты роднага краю».
Міжнародны дзень роднай мовы – гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсу нашай роднай мовы, больш размаўляць па-беларуску, бо нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мовы была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова.
С.КАЧУР, кіраўнік студыі студэнцкага клуба,
фотаздымкі Ганны ЦІМАШЭНКА
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter