Гомельский государственный технический университет имени П.О.Сухого

ЮБІЛЕЙ ДАЦЭНТА КАФЕДРЫ "ПРАМЫСЛОВАЯ ЭЛЕКТРОНІКА" КАРПАВА УЛАДЗІМІРА АЛЯКСАНДРАВІЧА

17 ліпеня кандыдату тэхнічных навук, дацэнту кафедры «Прамысловая электроніка» факультэта аўтаматызаваных інфармацыйных Карпаву Уладзіміру Аляксандравічу споўнілася 70 гадоў!

Уладзімір Аляксандравіч працуе ва ўніверсітэце з 1978 г. (з перапынкам у 1987–1990 г.г.) і  мае агульны стаж навукова-педагагічнай працы 43 гады.
За перыяд шматгадовай працы ён распрацаваў тэарэтычны матэрыял і падрыхтаваў лабараторны практыкум для правядзення 5 дысцыплін спецыяльнасцей, замацаваных за кафедрай. За апошнія 5 гадоў Карпавым У.А. падрыхтавана 6 навучальных праграм, 5 навучальна-метадычных выданняў,
2 ЭВМК. Карпаў У.А. з’яўляецца аўтарам  навучальнага дапаможніка "Электромагнитные расходомеры", манаграфіі "Измерительные цепи pH-метров" (у суаўтарстве з А.Ф. Кірасіравым). Уваходзіў у аўтарскія калектывы падчас распрацоўкі дзяржаўных адукацыйных стандартаў Рэспублікі Беларусь  1-га і 2-га пакаленняў па спецыяльнасці вышэйшай адукацыі 1-36 04 02 "Прамысловая электроніка".
У цяперашні час Карпаў У.А. чытае 6 лекцыйных курсаў, кіруе курсавым і дыпломным праектаваннем студэнтаў спецыяльнасцей 1-36 04 02  і 1-53 01 07, з’яўляецца навуковым кіраўніком магістрантаў спецыяльнасці 1-39 80 03. У 2006 г. пад кіраўніцтвам Карпава У.А. абаронена дысертацыя на сушуканне навуковай ступені кандыдата тэхнічных навук аспірантам Кавалёвым А.В., які пасля гэтага застаўся працаваць на кафедры, і цяпер працуе на пасадзе дацэнта кафедры.

photo_2024-07-23_15-41-32.jpg

Карпаў У.А. сістэмна займаецца навукова-даследчай работай. Асноўныя накірункі навуковай дзейнасці Карпава У.А. – распрацоўка інфармацыйна-вымяральных пераўтваральнікаў і расходаметрыя. На працягу працоўнай кар’еры ім выканана 19 фінансаваных гаспадарчых дагавораў, а цэлы шэраг яго разработак быў укаранёны ў серыйную вытворчасць. Мае 98 апублікаваных навуковых работ, 35 дакументаў аб правах на інтэлектуальную уласнасць, больш за 20 актаў укаранення вынікаў навуковых даследаванняў у вытворчасць. У дадзены момант Карпаў У.А. з’яўляецца кіраўніком гаспадарчага дагавора № 537-23 "Стварэнне канструкцыі трансфарматарнага металадэтэктара для кормаўборачнага камбайна" для ААТ "Гомсельмаш". У 2023 г. праведзена распрацоўка, выраб і лабараторныя выпрабаванні макетнага ўзору металадэтэктара ў зменшаным маштабе. Варта адзначыць надзвычай высокі навукова-інжынерны ўзровень дацэнта Карпава У.А., што дае яму магчымасць з поспехам перадаваць веды студэнтам падчас працэсу навучання, а таксама кіраваць магістрантамі і аспірантамі.
Карпаў У.А. займаецца выхаваўчай работай, неаднаразова працаваў у складзе прадметнай экзаменацыйнай камісіі на ўступных экзаменах у магістратуру, працуе ў якасці куратара студэнцкіх груп.
Калектыў кафедры «Прамысловая электроніка», дэкан факультэта аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм І.І. Сутарма, студэнты і выпускнікі кафедры сардэчна віншуюць Уладзіміра Аляксандравіча з Юбілеем!
Жадаем творчых поспехаў, моцнага здароўя, рэалізацыі ўсіх задуманых ідэй!

Загадчык кафедры
“Прамысловая электроніка»
Крышнёў Ю.В.
інжынер,аспірант,
кафедры “Прамысловая электроніка”
 Запольскі А.Я.