Да 125-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча
Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцьця.
Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё. Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. У гісторыі беларускай літаратуры песняру належыць пачэснае месца.
З дзейнасцю Багдановіча звязана ідэйна-эстэтычнае і жанравае ўзбагачэнне нацыянальнай літаратуры. Паэт не толькі распрацоўваў і творча выкарыстоўваў беларускія нацыянальныя фальклорныя і літаратурныя традыцыі, даказваў бясспрэчнасць эстэтычных магчымасцей роднай мовы, але імкнуўся максімальна ўзбагаціць іх здабыткамі іншых народаў. Адным з першых ўзбагачаў нацыянальную літаратуру новымі для яе вершаванымі формамі і тэматычнымі накірункамі, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры.
Максім Багдановіч лічыцца пачынальнікам беларускай філасофскай і пейзажнай лірыкі, першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да ўрбаністычных матываў. Ён стварыў шмат цудоўных узораў грамадзянскай лірыкі, якая цесна звязана з нацыянальна-вызваленчымі ідэямі, прасякнута любоўю да працоўнага чалавека, у ёй гучыць пратэст супраць насілля і сацыяльнай несправядлівасці. Асабліва яркія вобразы створаны паэтам у любоўнай лірыцы.
Рамантычны вобраз Максіма Багдановіча і яго незабыўныя творы ўжо цэлае стагоддзе кранаюць людзей да глыбіні душы.
Супрацоўнікі бібліятэкі правялі мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму паэту:
- Бібліяграфічны агляд “Незабыўны Максім Багдановіч”.
- Выстава «Жывеш не вечна, чалавек - перажыві ж у момант век!»
- Адкрыты прагляд “Святло паэзіі Максіма Багдановіча”.
- З буклетам “М. Багдановіч. Да 125-годдзя з дня нараджэння” можна азнаеміцца тут: https://elib.gstu.by/handle/220612/14323
Падрыхтавалі А.Лупіненка і Ю.Кінчына
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter