Лiтаратурны квэст «Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю» да 140-годдзя Янкi Купалы i Якуба Коласа
У 2022 годзе адзначаецца 140-гадовы юбілей вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З гэтай нагоды бiблiятэка правяла лiтаратурны квэст «Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю», у якiм прымала ўдзел група НР-11.
З прывітальным словам да студэнтаў звярнуліся прарэктар па навуковай рабоце Андрэй Андрэевіч Бойка і загадчык бібліятэкі Валянцiна Iльiнiчна Дзiрко, якія пажадалі ўсім удачы і перамогі ў квэсце.
Дзве каманды «Каласок» і «Купалле» выконвалi розныя творчыя заданнi па беларускай лiтаратуры i мове, а таксама падчас гульні падрабязней знаёміліся з аддзеламi бiблiятэкi.
Каб зарабiць свае першыя балы, камандам давялося прайсцi слоўнiкавую гульню ў чытальнай зале перыядычных выданняў. Перакласцi рускiя словы на белаускую мову было не зусiм лёгка. Але каманды з гэтым заданнем справiлiся паспяхова.
На абанеменце студэнтам давялося знайсцi ў фондзе аддзела кнiгу i метадычнае ўказанне, а таксама правiльна адказаць на пытаннi, каб зарабiць найбольшую колькасць балаў на гэтай кропцы.
А ў аддзеле камплектавання i апрацоўкi дакументаў удзельнiкi адчулі сябе меламанамi i з захапленнем адгадвалi вершы беларускiх класiкаў, на якiя была пакладзена музыка.
Не прымусiў сумаваць i абанемент мастацкай лiтаратуры, дзе студэнты прадэманстравалi не толькi хуткi пошук патрэбных твораў у кнiгах, але i згуртаванасць каманды.
Праверыць сябе на веды па беларускай лiтаратуры можна было ў электроннай чытальнай зале, дзе студэнты з зацiкаўленасцю прынялi ўдзел у iнтэрактыўнай iнтэрнэт-гульні.
У аддзеле даведачна-бiблiяграфiчнай i iнфармацыйнай работы каманды чакаў конкурс «Азбука твораў». Каб папрацаваць у фондзе аддзела i знайсцi неабходныя даведачныя выданнi, запiсаць у таблiцу назвы твораў беларускiх аўтараў на пэўную лiтару, давялося прыкласці шмат намаганняў. Але i з гэтым заданнем удзельнiкi справiлiся добра!
Апошняй кропкай квэсту стала агульная чытальная зала, дзе чакаў конкурс «Лiтаратурная мазайка». Заданне суаднесцi творы Я. Купалы i Я. Коласа не выклiкала нiякай цяжкасцi. Усе выдатна справiлiся з апошнiм конкурсам.
На кажнай кропцы квэсту за паспяховае выкананне заданняў каманды атрымлiвалi кавалачак пазлу, якi напрыканцы гульнi склаўся ў знакамiтыя i знаёмыя радкi.
Удзельнікі прадэманстравалi добрыя веды, актыўнасць, уменне працаваць у калектыве. Пераможцай лiтаратурнага квэсту стала каманда «Каласок».
За ўдзел у конкурсе студэнты атрымалi салодкiя прызы.
Мы хацелi, каб нашым чытачам-удзельнiкам квэсту было цiкава, пазнавальна i незвычайна. Спадзяемся, што гэта атрымалася.
Ганарыцеся сваёй Радзiмай, паважайце i шануйце сваю мову i тых людзей, якiя ўнеслi вялiкi ўклад у развiццё нашай лiтаратурнай спадчыны!
Чакаем вас у бібліятэцы!
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter