«Талент, заручаны з небам» (да 105-годдзя з Дня нараджэння Максіма Танка)
«Талент, заручаны з небам»
(да 105-годдзя з Дня нараджэння)
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,
Ты выткана, дзіўная родная мова.
М. Танк
Каля сямідзесяці гадоў гучаў ў беларускай паэзіі голас Максіма Танка. Паэт пакінуў нашчадкам вялікую, мудрую, павучальную спадчыну, творчыя абсягі якой надзвычай шырокія. Яго плённая грамадска-культурная дзейнасць і багатая літаратурна-творчая праца былі адзначаны прысваеннем высокіх званняў народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, залатым медалём “Барацьбіту за мір”, медалём Францыска Скарыны, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнам Заслугі ПНР, іншымі ордэнамі і медалямі. Максім Танк з’яўляўся акадэмікам НАН Беларусі (1972), ганаровым грамадзянінам г. Мінска (1987).
З імем Максіма Танка і яго творчымі пошукамі некаторыя заходнебеларускія крытыкі звязвалі наступленне цэлай эпохі ў развіцці нацыянальнай літаратуры.
Галоўная тэма, якая ўвайшла ў творчасць з першых яго радкоў – гэта тэма Радзімы. Ствараючы яе вобраз, Максім Танк гаварыў пра яе гісторыю і паданні, яе маляўнічыя краявіды, стагоддзі працы, мар і спадзяванняў, пра яе шчыры сумленны народ, яе спеўную мілагучную мову. Усё гэта паэту не аднойчы даводзілася абараняць.
Многія вершы Максіма Танка былі пакладзены на музыку. Яго творы перакладзены на многія мовы народаў свету. Максім Танк уваходзіць у лік вядомых еўрапейскіх паэтаў, якога чытаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне, у Польшчы, Балгарыі і іншых еўрапейскіх краінах.
Сваімі творамі Максім Танк імкнуўся навучыць нас бачыць у жыцці прыгожае, узвышанае. Сам ён быў вялікім творцам і вялікім адкрывальнікам таямніц, багацця, прадметаў роднага беларускага свету.
На мерапрыемства ў бібліятэку завітала група ГА-11, якая даведалася пра творчы і жыццёвы шлях беларускага паэта Максіма Танка. Таксама студэнты пазнаёміліся з выставай «Максім Танк — паэт магутнага паэтычнага таленту», прысвечанай 105-годдзю з Дня нараджэння беларускага класіка.
Інфармацыю падрыхтавала
Федарэнка Маргарыта
бібліятэкар І катэгорыі
- <<< Вернуться назад
- Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите CTRL+Enter